Унікальная пляцоўка для падрыхтоўкі міліцэйскіх кадраў
Конкурс у міліцэйскія вышэйшыя навучальныя ўстановы заўсёды высокі. Але для таго, каб служыць у органах унутраных спраў, неабавязкова ісці менавіта па гэтым шляху. Вось ужо на працягу 70 гадоў пуцёўку ў прафесію вартавых правапарадку дае і Цэнтр падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. За час свайго існавання як ён толькі не называўся, дзе не размяшчаўся, але нязменным застаецца адно: кузня міліцэйскіх кадраў, як часта называюць цэнтр, рыхтуе сапраўдных прафесіяналаў, якія самааддана служаць Айчыне.
Напярэдадні юбілею навучальнай установы карэспандэнты «Звязды» наведалі ўнікальнае падраздзяленне і даведаліся, як ажыццяўляецца навучальны працэс, арганізаваны побыт навучэнцаў і хто прыкладае намаганні для таго, каб спакой нашых грамадзян знаходзіўся пад надзейнай абаронай.
Упор — на практыку
Вучэбны цэнтр МУС знаходзіцца ў населеным пункце Гарані, што недалёка ад сталіцы. Сучасныя вучэбныя карпусы з найноўшай матэрыяльна-тэхнічнай базай, жылыя будынкі, спартыўны комплекс і ўласная царква, дзе рэгулярна праводзяцца богаслужэнні, — здаецца, ужо мала што нагадвае аб ваенным гарадку, які некалі тут размяшчаўся. Нягледзячы на тое, што на баланс МУС уся гэтая маёмасць перайшла больш як 30 гадоў таму, працяглы час будучых міліцыянераў рыхтавалі ў Мінску — на вуліцы К. Лібкнехта функцыянаваў Цэнтр павышэння кваліфікацыі кіруючых супрацоўнікаў і спецыялістаў МУС. У Гаранях жа вялася падрыхтоўка асабовага складу выключна для падраздзяленняў аховы Міністэрства ўнутраных спраў. Указам Прэзідэнта ў лютым 2021 года дзве навучальныя ўстановы аб’ядналі, і на тэрыторыі населенага пункта быў створаны адзіны вучэбны цэнтр МУС.
Тут рыхтуюць спецыялістаў для ўсіх падраздзяленняў міліцэйскага ведамства. Акрамя таго, рэгулярна сваю кваліфікацыю ў цэнтры павышаюць ужо дзеючыя супрацоўнікі органаў унутраных спраў. Навучальны працэс ажыццяўляецца бесперапынна — ахвотных папоўніць міліцэйскія шэрагі з кожным годам становіцца больш. Дарэчы, нямала сярод іх і дзяўчат. І гэта неабавязкова будучыя інспектары па справах непаўналетніх. Дзяўчаты паспяхова засвойваюць прафесіі ўчастковага інспектара міліцыі, супрацоўніка Дэпартамента аховы, Дэпартамента выканання пакаранняў, патрульна-паставой службы і нават байца атрада міліцыі асобага прызначэння. Патрабаванні да дзяўчат абсалютна такія ж, як і да хлопцаў. І, як кажуць выкладчыкі цэнтра, яны выдатна спраўляюцца з пастаўленымі навучальным працэсам задачамі, а потым паспяхова нясуць службу.
— Штогод у нашым вучэбным цэнтры праходзіць падрыхтоўку больш як чатыры тысячы чалавек, адначасова можа навучацца да тысячы супрацоўнікаў і курсантаў, — адзначае начальнік Цэнтра падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў МУС палкоўнік міліцыі Аляксандр Машкін. — Навучэнцам прывіваюцца веды, уменні і навыкі, якія дазволяць на высокім прафесійным узроўні выконваць задачы, ускладзеныя на органы ўнутраных спраў. Звыш 70% навучальнага часу складаюць практычныя заняткі. Сілы выкладчыцкага складу накіраваны на адну мэту — сфарміраваць у курсантаў як мага больш навыкаў і ўменняў, якія лягуць у аснову іх будучай службовай дзейнасці. Асаблівая ўвага ўдзяляецца грамадзянска-патрыятычнаму і духоўнаму выхаванню супрацоўнікаў міліцыі.
Таксама ў цэнтры вучацца і павышаюць сваю кваліфікацыю супрацоўнікі Міністэрства юстыцыі, ваенізаванай аховы грамадзянскіх арганізацый, службы бяспекі Мінскага метрапалітэна, Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, інкасатары і іншыя. Як і будучыя міліцыянеры, яны праходзяць спецыяльную падрыхтоўку, вучацца рэагаванню на надзвычайныя здарэнні, з якімі могуць сутыкнуцца падчас службовай дзейнасці.
Вучэбны цэнтр МУС — гэта яшчэ і ўнікальная пляцоўка, дзе сабрана ўся неабходная матэрыяльна-вучэбная база для правядзення шматлікіх конкурсаў прафесійнага майстэрства міліцыянераў. Тут, напрыклад, праходзяць кваліфікацыйныя выпрабаванні на права нашэння чорнага берэта АМАП, шматлікія тактыка-спецыяльныя вучэнні.
Трапныя стралкі і тонкія псіхолагі
Для таго каб трапіць у вучэбны цэнтр, неабходна прыйсці ў орган камплектавання (напрыклад, раённы аддзел унутраных спраў) і расказаць аб сваім жаданні служыць. Калі вы адпавядаеце патрабаванням, якія прад’яўляюцца да супрацоўнікаў міліцыі, вам прапануюць канкрэтную спецыяльнасць (напрыклад, участковага інспектара міліцыі або супрацоўніка Дэпартамента аховы) і накіруюць вучыцца ў Гарані. На працягу 14 тыдняў вы засвоіце першапачатковую падрыхтоўку і ўжо ў якасці падрыхтаванага супрацоўніка прыступіце да сваіх службовых абавязкаў там, адкуль вас накіравалі вучыцца.
У вучэбным цэнтры рыхтуюцца спецыялісты абсалютна для ўсіх падраздзяленняў міліцэйскага ведамства: Дэпартамента аховы, Дзяржаўнай аўтамабільнай інспекцыі, Дэпартамента выканання пакаранняў, падраздзяленняў участковых інспектараў міліцыі, участковых інспектараў па справах непаўналетніх, атрада міліцыі асобага прызначэння і іншых.
Як расказвае начальнік вучэбна-метадычнага аддзела Цэнтра падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў МУС падпалкоўнік міліцыі Таццяна Жукоўская, спецыялізацыя для ўсіх адна — грамадская бяспека. «Аднак спецыяльная падрыхтоўка па вызначаным профілі далейшай службовай дзейнасці будзе кардынальна адрознівацца, — удакладняе яна. — Што датычыцца агнявой, фізічнай падрыхтоўкі, тут патрабаванні адзіныя для ўсіх: кожны супрацоўнік міліцыі павінен упэўнена валодаць табельнай зброяй, карэктна прымяняць фізічную сілу. Усе вартавыя правапарадку павінны валодаць асновамі аказання першай медыцынскай дапамогі, умець наладжваць кантакты з грамадзянамі ўсіх катэгорый, у тым ліку з інвалідамі. Гэтаму ўсяму вучаць у нашым цэнтры».
Ведамі з новым пакаленнем дзеляцца супрацоўнікі з багатым вопытам практычнай дзейнасці, якія ў розны час праходзілі службу ў шматлікіх падраздзяленнях міліцэйскага ведамства. Акрамя таго, гэта людзі з адпаведнай адукацыяй. Напрыклад, выкладчык, які вучыць разбірацца ў псіхалагічных момантах, мае псіхалагічную адукацыю. Юрыдычную падрыхтоўку ў цэнтры ажыццяўляюць юрысты, агнявую і фізічную — як правіла, людзі, якія ў свой час заканчвалі Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры.
Што датычыцца павышэння кваліфікацыі дзеючых супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, то кожныя пяць гадоў гэта абавязковая працэдура як для малодшага начальніцкага складу, так і для афіцэраў. «Як правіла, павышэнне кваліфікацыі — гэта тая пляцоўка, калі мы імкнёмся данесці новыя патрабаванні, рэкамендацыі, якія звязаны са спецыфікай службовай дзейнасці супрацоўнікаў, расказаць аб новай тэхніцы, сродках, што ўкараняюцца ведамствам, — заўважае Таццяна Жукоўская. — Неабходную інфармацыю да слухачоў даводзяць прадстаўнікі практычных падраздзяленняў».
У нагу з часам
Вучэбная праграма пастаянна ўдасканальваецца, адаптуецца да сучасных рэалій. Напрыклад, паступілі ў Дэпартамент аховы новыя тэхнічныя сродкі і сістэмы — у абавязковым парадку іх пачынаюць вывучаць і ў цэнтры. Укараняюцца ў службовую дзейнасць новыя камп’ютарныя праграмы — карыстацца імі вучацца і курсанты, каб у падраздзяленні прыйсці падрыхтаванымі спецыялістамі. Асвойваюць будучыя супрацоўнікі органаў унутраных спраў і перспектыўны кірунак, у тым ліку для міліцэйскага ведамства, — беспілотныя лятальныя апараты.
Як расказвае начальнік цыкла тактыка-спецыяльнай падрыхтоўкі Цэнтра падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў МУС маёр міліцыі Пётр Арцёмаў, беспілотныя лятальныя апараты выкарыстоўваюцца практычна ва ўсіх сферах жыццядзейнасці, у тым ліку ў органах унутраных спраў. «Наша асноўная задача — ахова грамадскай бяспекі, а таму беспілотнікі ў першую чаргу выкарыстоўваюцца супрацоўнікамі патрульна-паставых службаў з мэтай ажыццяўлення маніторынгу месцаў масавага адпачынку грамадзян, — канкрэтызуе ён. — Таксама з дапамогай дронаў кантралююцца цяжкадаступныя месцы, дзе аўтапатруль не праедзе, а пешы нарад не дойдзе. Калі беспілотнік фіксуе правапарушэнне, туды адпраўляецца мабільная група.
З дапамогай беспілотных лятальных апаратаў таксама ажыццяўляецца пошук людзей. Цеплавізійныя насадкі дазваляюць зафіксаваць рух нават у начны час. Беспілотнікі валодаюць шырокім функцыяналам, таму глядзім наперад, дзе мы яшчэ іх можам задзейнічаць».
Падчас заняткаў па тактыка-спецыяльнай падрыхтоўцы курсанты атрымліваюць першапачатковыя веды, якія спатрэбяцца ім падчас выканання аператыўна-службовых задач. Таксама ў іх фарміруюцца навыкі тактычных дзеянняў, яны вучацца правільна складаць працэсуальныя і службовыя дакументы, выконваць меры асабістай бяспекі пры нясенні службы.
Асновы медыцыны і маральная падрыхтоўка
Падчас цыкла спецыяльных дысцыплін будучыя міліцыянеры асвойваюць спецыяльную тэхніку і тэхнічныя сродкі, што знаходзяцца ў арсенале органаў унутраных спраў, асновы крыміналістыкі, асновы справаводства і рэжыму сакрэтнасці, правілы асабістай і прафесійнай бяспекі. Асаблівая ўвага ўдзяляецца медыцынскай падрыхтоўцы будучых вартавых правапарадку.
«Апынуўшыся ў ліку першых на месцы здарэння, а таксама ў выніку прымянення табельнай зброі пры затрыманні правапарушальніка кожны супрацоўнік органаў унутраных спраў да прыбыцця медыкаў абавязаны аказаць першую медыцынскую дапамогу, — расказвае начальнік цыкла спецыяльных дысцыплін Цэнтра падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў МУС падпалкоўнік міліцыі Павел Радчанка. — Пры гэтым не мае значэння, каму патрэбна дапамога: пацярпеламу або злачынцу. Акрамя таго, вучым курсантаў самадапамозе. Улічваючы сучасныя рэаліі, укараняем у навучальны працэс элементы тактычнай медыцыны, калі дапамогу трэба аказваць непасрэдна ў экстрэмальнай сітуацыі, ва ўмовах, калі асабістая бяспека не гарантавана».
Блок сацыяльна-гуманітарных дысцыплін уключае ў сябе прафесійную этыку, асновы ідэалогіі беларускай дзяржавы, юрыспрудэнцыі, прафесійна-псіхалагічную падрыхтоўку: супрацоўнік павінен быць маральна падрыхтаваны да сучасных рэалій, каб не разгубіцца ў любой сітуацыі.
Сваім унікальным вопытам з курсантамі дзеліцца выкладчык цыкла сацыяльна-гуманітарных дысцыплін Цэнтра падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў МУС палкоўнік міліцыі ў адстаўцы Міхаіл Карповіч, які, акрамя таго, што праходзіў службу ў міліцыі на розных пасадах, быў яшчэ і дырэктарам школы. У свой час з’яўляўся першым намеснікам начальніка Цэнтра павышэння кваліфікацыі кіруючых супрацоўнікаў і спецыялістаў МУС, выхаваў не адну плеяду будучых палкоўнікаў і генералаў міліцыі.
«Не ўсё страчана, — кажучы аб сучаснай моладзі, падкрэслівае Міхаіл Карповіч. — На адным з заняткаў я прашу курсантаў падрыхтаваць самапрэзентацыю. І маладыя людзі, асабліва тыя, якія прыехалі з глыбінкі, з такім гонарам расказваюць аб сваёй малой радзіме, аб сваіх каранях, што не можа не радаваць. Пасля навучання яны з задавальненнем вяртаюцца дахаты, каб у сваіх родных мясцінах прыносіць карысць краіне, дапамагаць землякам. Маладыя людзі, якія ў нас вучацца, стануць прадстаўнікамі ўлады. Не сакрэт, што нярэдка па супрацоўніках мяркуюць аб уладзе ў цэлым. А таму мы рыхтуем не толькі прафесіяналаў, а яшчэ і людзей высокіх маральных прынцыпаў».
Асобная ўвага — асабістай і прафесійнай бяспецы будучых супрацоўнікаў органаў унутраных спраў. Сітуацыі бываюць розныя: ідучы на ўрэгуляванне сямейнага канфлікту, участковы не можа быць упэўнены ў тым, з якімі людзьмі яму давядзецца кантактаваць. Невыпадкова курсантаў вучаць разбірацца ў эмоцыях, жэстах людзей, правільна выбудоўваць зносіны з самымі рознымі катэгорыямі грамадзян.
«Служыць у міліцыі не проста, а таму маладыя людзі павінны быць псіхаэмацыянальна, фізічна ўстойлівымі, — перакананы выкладчык цыкла сацыяльна-гуманітарных дысцыплін. — Гэта і ненармаваны працоўны дзень, і сутыкненне з гіперэмацыянальнымі людзьмі, таму трэба быць гатовымі працаваць у любых умовах. Я кажу сваім курсантам, што вы прыйшлі ў праваахоўныя органы, а таму ваша галоўная місія — ахоўваць норму права, тое, без чаго мы жыць не можам. Служба — гэта адказнасць: перад сям’ёй, сабой і перад дзяржавай».
Апрануты і накормлены
Жывуць курсанты ў камфортных інтэрнатах, для іх арганізавана трохразовае харчаванне. Увесь перыяд, пакуль ідзе адукацыйны працэс, яны знаходзяцца на тэрыторыі цэнтра кругласутачна. Прадугледжаны звальненні, падчас якіх навучэнцы выходзяць за тэрыторыю цэнтра. Аднак бывае гэта нячаста і ў выключных выпадках.
«З першых дзён знаходжання ў вучэбным цэнтры курсантам прывіваюцца навыкі нясення службы ў выглядзе сутачных нарадаў, — адзначае начальнік курса аддзялення першапачатковай падрыхтоўкі Цэнтра падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў МУС падпалкоўнік міліцыі Аляксей Касінскі. — Падчас нарада на КПП юны супрацоўнік міліцыі атрымлівае навыкі прапускнога рэжыму. Навык адрозніваць сапраўдныя дакументы ад падробленых спатрэбіцца любому супрацоўніку міліцыі, дзе б ён потым ні служыў. Прадугледжана патруляванне курсантамі тэрыторыі цэнтра. Ёсць нарады па сталовай і па размяшчэнні».
За кожным курсам замацаваны курсавы афіцэр, які дапамагае маладым людзям адаптавацца да новых умоў. Таксама курсавыя афіцэры сочаць за выкананнем распарадку дня, навучаюць дысцыплінарнаму статуту, асновам страявой падрыхтоўкі. Адным словам, на 14 тыдняў гэта «таты» і «мамы» курсантаў, да якіх можна звярнуцца з любым пытаннем.
Як правіла, час, праведзены ў вучэбным цэнтры МУС, пралятае вельмі хутка. На выхадзе курсанты здаюць выніковыя іспыты, якія з’яўляюцца пуцёўкай у іх далейшую службовую дзейнасць. «За 14 тыдняў хлопцы і дзяўчаты кардынальна мяняюцца, тут яны сталеюць, — рэзюмуе Таццяна Жукоўская. — З’яўляецца адказнасць, узнікае разуменне таго, што яны — будучыя прадстаўнікі ўлады. Выпускнікі нас не падводзяць — годна нясуць службу і паспяхова спраўляюцца з ускладзенымі задачамі па забеспячэнні правапарадку ў краіне».
Вераніка КАНЮТА
Фота прэс-службы Цэнтра падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў МУС
Крынiца: газета «ЗВЯЗДА»